грамадзяне, будзьце пільнымі!

#1. хлопчык з фэсту:

гэтая істота дужа небяспечная для кіроўцаў. трапляецца на дарогах і магістралях, што ідуць праз лясы. выглядае як малады хлопец з заплечнікам - амаль як звычайны турыст, толькі вопратка мабыць больш пярэстая, “фэстывальная”. а на руцэ - звычайна на правай - яркая стужка, як у наведвальніка канцэрта ці фэсту.

стаіць такі хлопчык на ўзбоччы, ды галасуе. спыніцца машына - сядае, шчыра дзякуе ды распавядае, што едзе з супер-цудоўнага фэсту (звыйчайна псі-транс), які быў тут у лесе (”ад дарогі пару кэмэ пешшу, там яшчэ возера класнае”), пра тое якія добрыя людзі, атмасфэра ды музыка былі. тут ён дастае з заплечніка кампакт-дыск, а мо’ і касету - і прапануе уключыць-паслухаць. (можа і яшчэ чаго прапануе - грыбоў ці “пыхнуць”). кіроўца ўключае дыск, грае энергічная рытмічная музыка і размова плыве далей, дарога і час ляцяць незаўважна.


бліжэй да гораду хлопец кажа, што спяшаецца на цягнік ці аўтобус - і просіць падкінуць да вакзала. ну як тут адмовіш? і кіроўца, уехаўшы ў горад, спрабуе знайсці хутчэйшы ды карацейшы шлях - далей ад цэнтральных вуліц, з іх светлафорамі і коркамі.

адзін завулак, другі, “тут зрэжам, тут праскочым… не баісь, паспееш на свой цягнік!” - апанаваны азартам, кіроўца не адразу заўважае, што едзе зусім не туды. заблукаў. едзе і не пазнае мясцовасці - быццам усе вуліцы пераблыталіся - павярнуўшы на скрыжаванні, заместа Савецкай трапляеш на Сацыялістычную і гэтак далей. а хлопец ня дужа сумуе ды нэрвуецца, толькі смяецца - “ды нічога, не патраплю на гэты, паеду на наступным”. разгубіцца тады вадзіла і засаромеецца - “абяцаў жа даставіць, ды не выканаў” - і заблукае канчаткова. тады ўжо хлопец кажа: “нічога, давайце я тут выйду, тут ужо блізка. дзякуй, што падкінулі!”. выйдзе - і няма яго, як і не было.

а кіроўца так і блукае далей па гэтых знаёмых-незнаёмых вуліцах як у сне - пакуль паліва не скончыцца, ці пакуль не звар’яцее. альбо бывае - спыніцца, стаміўшыся блукаць, выйдзе з машыны - і апынецца ў лясным гушчары. ну гэта калі пашанцуе. часцей - вар’яцеюць.

#2. п’яны гастарбайтар:

гэты можа патрапіцца на вакзале, у залі чакання, звычайна ноччу. хтосьці з пасажыраў спіць у чаканні сваіх цягнікоў, некаторыя размаўляюць міжсобку каб не заснуць. ледзь знаходзіш куды сесці. бывае, што побач, альбо насупраць сядзіць падвыпіўшы мужык з характэрна цёмным, замучаным тварам, стомленымі вачыма і з вялікай клецістай торбай, як у “чаўнакоў”. але бачна, што не “таргаш-тарбэшнік”, а рабацяга - пэўна гастарбайтар, едзе з расейскай будоўлі.

сустрэўшыся позіркам, пачынае размову, як са старым знаёмым. расказвае пра працу, ды пра жонку і дзетак, якія дома чакаюць грошай. і пра тое як начальства кідае і не плоціць, і як хлопец з іхнай брыгады трапіў у бетонамяшалку, як вагончык адной брыгады спалілі, каб не разлічвацца за працу - і гэтак далей.

мужык добра нападпітку, таму некаторыя словы цяжка разабраць. трапляюцца і зусім незнаёмыя - мо’ якія будаўнічыя тэрміны, а мо і словы, якіх начапляў ад калегаў з Малдовы ды Таджыкістану? чым далей - тым цяжэй разабраць, тым больш уважліва прыслухоўваешся, пільна сочыш за мімікай і п’янымі ўсмешкамі - каб інтуітыўна здагадацца, што ён там вярзе. і раптам даходзіць, што ўсе словы - шыварат-навыварат і задам наперад. па спіне дрыжыкі пабягуць. азірнешся - і аслупянееш: людзі хутка сноўдаюць задам наперад, а гадзіннік на табло з раскладам руху адкручвае час назад. а ты і варухнуцца ня можаш.

паглядзіш на гастарбайтара - а ён смяецца трохі бяззубай усмешкай, ды вачыма блішчыць - хітра і абсалютна цвяроза. потым устане, пахлопае цябе па плячах і знікне. і тут усё пойдзе як мае быць, у звычайным кірунку - людзі, цягнікі і гадзіннік. толькі час ня той - а на некалькі гадзінаў раней. устанеш з лаўкі - а рухацца неяк нязвычна, быццам цела не тваё, незнаёмае. убачыш у люстры, ці ў вітрыне чужы твар, заместа свайго - мо бамжа, а мо’ так якога пасажыра. так і ходзіш як дурны туды-сюды па вакзале, мабыць і самога сябе напаткаеш - ты не пазнае ён цябе, а будзеш прыставаць - закрычыць “міліцыя”. во як бывае, таварыш лейценант!

(”- Мда, очэнь інцерэсна ізлагаеце, гражданін… удзівіцельная історія! Ну што, Канаплёў, будзем афармляць гражданіна у прыёмнік-распрэдзеліцель? Хай ані там самі разбіраюцца - шызахренія ў пацыента ілі белая гарячка”)

#3. японскія турысты:

іх можна сустрэць дзесьці ў горадзе. пара турыстаў азіяцкай нацыянальнасці - мо’ японцы, мо’ карэйцы, а мо і якія тайцы-малайцы. бываюць пенсіённага ўзросту, бываюць маладзенькія. але абавязкова з фотаапаратамі. і усё ім цікава - круцяць галовамі, ды фоцікамі - шчоўк-шчоўк! панно з хлебаробамі і касманаўтамі? шчоўк! лозунг “подвигу народа жить в веках” - шчоўк-шчоўк-шчоўк! ну як жа ж - “спыніся ймгненне, ты прыўкраснае”

падыйдуць да цябе - і на паламанай ангельскай, ці проста жэстамі, папросяць, каб сфоткаў іх ля помніка невядомага рэвалюцыянера ці з трактарам МТЗ. ну як не дапамагчы турыстам? ва ўмовах сусветнага крызісу турысты нашай краіне дужа патрэбныя! бярэш фоцік, наводзіш на турыстаў, весела крычыш ім “say - seeskee!”, ціснеш на кнопку - і сусвет твой спыняецца.

***